ДО́ПЛЕРА ЭФЕ́КТ,
змена частаты ваганняў (або даўжыні хвалі), якая назіраецца пры адносным руху назіральніка і крыніцы ваганняў; пры збліжэнні назіральніка і крыніцы частата прынятых ваганняў павялічваецца, пры аддаленні — памяншаецца. Тэарэтычна абгрунтаваны ў акустыцы і оптыцы К.Доплерам (1842). Наяўнасць Д.э. ў оптыцы даказана эксперыментальна А.А.Белапольскім у 1900. Выкарыстоўваецца для вызначэння скорасці руху крыніц выпрамянення ў спектраскапіі, астрафізіцы, радыё- і гідралакацыі і інш.
Д.э. выяўляецца для хвалевых і няхвалевых рухаў любой прыроды пры назіранні іх у 2 сістэмах адліку, якія рухаюцца адна адносна другой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)